На Глыбоччыне асвечаны новы касцёл (фота)
Віцебскі біскуп Алег Буткевіч асвяціў касцёл Маці Божай Ружанцовай у вёсцы Ураджайная Глыбоцкага раёна.
Біскуп Буткевіч, згодна каталіцкаму абраду пасвячэння святыні, памазаў асвечаным алеем алтар, запаліў кадзіла і свечку, пасля чаго святло было запалена ва ўсёй святыні.
Біскуп нагадаў вернікам, што не толькі касцёл з’яўляецца святыняй, але і кожны чалавек ёсць святыняй. “У гэтым месцы людзі могуць вярнуць у храм сваёй душы яе Гаспадара, Бога”, — сказаў біскуп Буткевіч.
Касцёл збудавалі манахі ордэна капуцынаў, выкарыстаўшы сцены былой калгаснай сталовай. Архітэктар і мастак Валерый Шчасны з Верхнядзвінска распрацаваў праект святыні, ён жа аздобіў касцёл унутры.
У касцёле змешчаная адзіная ў Беларусі Дарога Святла — чатырнаццаць абразоў, якія прадстаўляюць падзеі ад Уваскрасення Хрыстова да Спаслання Духа Святога. Да ўрачыстасці святары надрукавалі брашуру з адмысловым набажэнствам гэтай Дарогі, аздобленую абразамі Валерыя Шчаснага і гравюрамі Францішка Скарыны.
Першы касцёл у вёсцы Ураджайная (да 1964 года яна мела назву Зашчэсле) быў пастаўлены ў 1857 годзе, яго зачынілі і разабралі царскія ўлады. У 1902 годзе вернікі збудавалі яшчэ адзін храм, які разбурылі камуністы ў 1960-я.