МЗС Беларусі пракаментаваў праблему з украінскімі ID-картамі

МЗС Беларусі пракаментаваў праблему з украінскімі ID-картамі

Паміж Беларуссю і Украінай цалкам захоўваецца бязвізавы рэжым паездак. Як заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, гэта прадугледжана дзеючым пагадненнем паміж дзяржавамі.

"Аднак з улікам таго, што гэтая дамова не прадугледжвала такога тыпу дакумента, як ID-карта, беларускім бокам прапанавана правесці спецыяльную кансультацыю па гэтым пытанні з украінскімі калегамі", — перадае interfax.by словы беларускага дыпламата.

Раней Памежны камітэт Беларусі выступіў з заявай, быццам украінскія пашпарты ў выглядзе ID-карты пакуль не разглядаюцца як сапраўдны дакумент для перасячэння мяжы Беларусі. Як заяўляюць беларускія памежнікі, украінскі бок дагэтуль не ініцыяваў кансультацыі наконт працэдуры прызнання гэтых ID-карт у якасці сапраўднага дакумента для перасячэння мяжы пры бязвізавых паездках.

У сувязі з гэтым беларускія памежнікі патлумачылі, што грамадзян Украіны ў Беларусь будуць прапускаць толькі па замежных пашпартах (для ўладальнікаў ID-карт) і ўнутраных папяровых пашпартах старога ўзору.