“Мы палітыкай не займаемся”: кнігарні пра расійскую прапагандысцкую літаратуру

“Мы палітыкай не займаемся”: кнігарні пра расійскую прапагандысцкую літаратуру

Расійскі прапагандыст і лідар руху “Антымайдан” Мікалай Старыкаў, з нядаўнім прыездам якога ў Мінск быў звязаны скандал, піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: “У мінскай кнігарні “Светач” знялі з продажу ўсе кнігі Мікалая Старыкава. Нягледзячы на тое, што кнігі па геапалітыцы і гісторыі ўваходзяць у ТОПы кніжных рэйтынгаў і выклікаюць жывую цікаўнасць у наведвальнікаў крамы”.

Акрамя таго, пісьменнік просіць неабыякавых да сваёй творчасці людзей прыйсці ў краму і пакінуць у кнізе заўваг і прапаноў просьбу вярнуць яго творы на паліцы.

“Мы палітыкай не займаемся”: кнігарні пра расійскую прапагандысцкую літаратуру

 У “Светачы” Еўрарадыё паведамілі, што ніхто з продажу кнігі не здымаў.

“Мы ўсе кнігі, што ў нас былі ў наяўнасці, прадалі. Былі запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, каб мы іх заказалі”.

Прадаўшчыцы распавядаюць, што творы пісьменніка тут карыстаюцца попытам, аднак ці будзе далей прадаваць іх кнігарня — залежыць ад пастаўшчыка, які непасрэдна працуе з выдавецтвам у Санкт-Пецярбургу.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці прадаецца ў Мінску літаратура такога кшталту і ці карыстаецца попытам у пакупнікоў.

У “Ведах” нам кажуць, што кнігі Мікалая Старыкава тут раней былі, але “не вельмі ішлі”, і таму іх больш не прадаюць. Няма тут вялікага попыту і на іншую такую літаратуру. Але, наведаўшы краму, можна ўпэўніцца: “Расія будзе імперыяй” А. Платонава, “Новая руская імперыя” С. Бабурына ды іншае ніхто з продажу не здымаў.

“Даўно ўжо яго няма, мы яго не бярэм, — адказваюць у адной з крам “Белкнігі” пра Мікалая Старыкава. — Такой літаратуры ў нас няма. Мы палітыкай не займаемся”.

Змесціва палічак пацвярджае словы супрацоўніцы. Акрамя “Раўняцца на Пуціна” Марын Ле Пэн, нічога такога тут, бадай, няма. Як і ў “Ведах”, тут кажуць, што такія выданні не асабліва карыстаюцца попытам.

Не прадаюць кнігі Мікалая Старыкава і ў “Цэнтральнай кнігарні”. Ім і падобнымі аўтарамі, па словах прадаўшчыц, пакупнікі не цікавяцца. Хаця што-кольвек пра змовы супраць Расіі, рускі Крым і “чым такая страшная для Захаду Руская цывілізацыя” можна знайсці на паліцах. Частка выданняў прысвечаная ўнутраным палітычным праблемам Расіі. Напрыклад, Аляксей Чаўнакоў у сваёй кнізе “Сыты бунт. “Брудная бялізна” апазіцыі” абяцае распавесці чытачам (цытуем анатацыю да кнігі), “на што здольныя фюрэры “бандэрлогаў” і “хамякоў”-“белагандоннікаў”, акрамя як раўці “Далоў Пуціна!” і “Пуцін зас..ў!”? Хто насамрэч стаіць за “несістэмнай апазіцыяй”, “заказвае музыку” і фінансуе “бунт мандавошак”? І чым “балотныя” адмарозкі лепшыя за “партыю жулікаў і бандытаў”?”

Затое на выставе-кірмашы “Свет кніг” сталічныя прыхільнікі ідэі “рускага свету” знойдуць чытво на любы густ. Хапае тут і кніг Мікалая Старыкава.

“Карыстаецца попытам абсалютна ўсё, — кажа жанчына за прылаўкам. — Гаспадар сам даўно цікавіцца гэтай тэмай. Калі яно тут, значыць, карыстаецца попытам”.

“Мы палітыкай не займаемся”: кнігарні пра расійскую прапагандысцкую літаратуру
“Мы палітыкай не займаемся”: кнігарні пра расійскую прапагандысцкую літаратуру