МУС — пра ліст, апублікаваны экс-сілавікамі: чарговы фэйк

МУС — пра ліст, апублікаваны экс-сілавікамі: чарговы фэйк

Прэс-служба МУС назвала "чарговым фэйкам" ліст, апублікаваны ініцыятывай экс-сілавікоў. У дакуменце ад імя міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова на адрас дзяржсакратарыята Савета бяспекі змяшчалася просьба паўплываць на суды Мінскай вобласці, каб яны адпраўлялі пратэстоўцаў за краты, а не штрафавалі.

"Па-першае, міністр унутраных спраў не можа выказваць пазіцыю аднаго толькі ГУУС, а па-другое, пытанні следчых дзеянняў і іх аператыўнасці ніяк не ўваходзяць у кампетэнцыю органаў унутраных спраў. Ну і па-трэцяе, каб выключыць сумневы, мы ўдакладнілі ў канцылярыі МУС. Як і чакалася, у адпраўленай карэспандэнцыі такога ліста не значыцца", — заявілі журналістам onliner.by у прэс-службе МУС.

Як распавядала Еўрарадыё, у лісце ад імя Івана Кубракова былі нараканні на адносна мяккія прысуды і сцвярджалася, што "падобная практыка, на думку ГУУС Мінгарвыканкама, вядзе да фармавання пачуцця беспакаранасці і не садзейнічае зніжэнню пратэстнай актыўнасці". (Перад прызначэннем на пасаду міністра Кубракоў акурат узначальваў сталічную міліцыю.)

Таксама экс-сілавікі сцвярджаюць, што ініцыятыву міністра падтрымала і Генпракуратура.

У МУС традыцыйна называюць фэйкам усе сведчанні, якія публікуюць былыя сілавікі, у тым ліку, напрыклад, прамову Мікалая Карпянкова пра "лагеры для востракапытных" пратэстоўцаў. Аднак незалежная экспертыза пацвердзіла, што на запісе сапраўды гучыць голас Карпянкова і няма слядоў мантажу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.