Моладзевая зборная Беларусі прайграла хакеістам Чэхіі — 3:5

Моладзевая зборная Беларусі па хакеі з лікам 3:5 прайграла камандзе Чэхіі ў апошнім матчы групавога раўнда чэмпіянату свету, які праходзіць у Фінляндыі.
Да сярэдзіны заключнага перыяду беларусы вялі з лікам 3:2, але ўтрымаць перамогу не здолелі. Такім чынам, наша зборная не змагла выйграць ніводзін матч на групавым этапе і з нулём ачкоў заняла апошняе, 5-е месца.
У папярэдніх гульнях беларусы саступілі зборнай Расіі — 1:4, Славакіі — 2:4 і Фінляндыі — 0:6.
Нашу каманду чакае серыя да дзвюх перамог з найгоршай камандай групы А. Сапернік вызначыцца 31 студзеня, але, хутчэй за ўсё, гэта будзе зборная Швейцарыі.