Мінскія студэнткі затрымалі злачынца, які рабаваў пенсіянера

Мінскія студэнткі затрымалі злачынца, які рабаваў пенсіянера

22 чэрвеня навучэнкі 1-га курса Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту затрымалі мужчыну, які на вуліцы Бабруйскай збіваў пенсіянера. Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай ГУУС Мінгарвыканкама, тры студэнткі ўбачылі, што на пенсіянера напаў малады чалавек, і не разгубіліся, а затрымалі яго. Нападнікам аказаўся 27-гадовы ўраджэнец Бабруйска, які быў п'яным. Пры затрыманні хлопец пашкодзіў планшэт адной з дзяўчат.

Праз некалькі хвілін на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Высветлілася, што затрыманы паспеў прычыніць пенсіянеру не толькі цялесныя пашкоджанні, але і забраць 200 тысяч рублёў і схаваць іх у шкарпэтку.

 У дачыненні да затрыманага распачата справа па ч. 2 арт. 206 КК (рабаванне). Яму акрамя крымінальнай адказнасці за рабаванне, можа пагражаць крымінальная адказнасць за пашкоджанне маёмасці асобы, якая выконвала грамадскі абавязак па спыненні правапарушэння.