Мінскае "Дынама" прайграла ў Астане "Барысу" — 2:4

Мінскае "Дынама" прайграла ў Астане "Барысу" — 2:4

Мінскае "Дынама" ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі прайграла ў Астане "Барысу" — 2:4 (0:0, 1:3, 1:1). Шайбы ў мінчукоў на рахунку Шчэхуры і Веске. Гэта чацвёртае паражэнне запар у выязной серыі беларускага клуба ў чэмпіянаце КХЛ, лік закінутых і прапушчаных шайбаў — 7:21!

Мала хто верыць, што беларускі клуб пасля гэтых паражэнняў здолее дагнаць канкурэнтаў за месца ў васьмёрцы мацнейшых і выхад у плэй-оф. Тым больш, што матчаў са "Слованам" і "Медвешчакам" не будзе. "Слован" займае 8-е месца з 76 ачкамі пасля 52 гульняў, "Медвешчак" дзевяты, ён мае 74 ачкі пасля 53 матчаў, у мінскага "Дынама" па-ранейшаму застаецца 68 ачкоў, але ўжо пасля 51 гульні.

Мінскім дынамаўцам засталося правесці ў чэмпіянаце КХЛ дзевяць матчаў, з іх на сваёй пляцоўцы — пяць. 25 студзеня ў Рызе яны сустрэнуцца з мясцовымі аднаклубнікамі, а 27-га "Дынама" будзе прымаць на "Мінск-Арэне" СКА з Санкт-Пецярбурга.