Мінінфармацыі закрыла 18 сайтаў за прапаганду наркотыкаў і нецэнзуршчыну

4 траўня міністр інфармацыі Лілія Ананіч дала прэс-канферэнцыю. Падчас яе чыноўніца паведаміла, што падначаленае ёй ведамства абмежавала або закрыла доступ да 18 сайтаў. Прычынай стала тое, што сайты выкарыстоўваліся для прапаганды ці гандлю наркотыкамі або выкарыстоўвалі ненарматыўную лексіку.

Акрамя таго, Ананіч заявіла, што асобныя сайты выклікаюць сур'ёзныя пытанні Міністэрства інфармацыі. Ведамстве "актыўна аналізуе інтэрнэт-рэсурсы на прадмет выканання заканадаўства". І чыноўнікі незадаволеныя, што не ўсе сайты адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству. Міністр патлумачыла, што пад адпаведнасцю заканадаўству яна разумее размяшчэнне дакладнай інфармацыі, "інфармацыі, якая спрыяе развіццю грамадства і дзяржавы і ні ў якім разе не наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам".

Ананіч паведаміла, што цяпер ідзе праца па выяўленні ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, зарэгістраваных па-за зонай by. "Усе ў нас у нацыянальнай інфармацыйнай прасторы роўныя перад законам", — перадае БелаПАН словы чыноўніцы.

Нагадаем, што з 1 студзеня ў Беларусі набылі моц папраўкі ў закон "Аб сродках масавай інфармацыі". Паводле новых нормаў, інтэрнэт-рэсурсы трапляюць пад дзеянне закона аб СМІ, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Фота — ctv.by