Мінгандлю: У Беларусі “хутка будзе поўнае адпусканне” коштаў
Пры гэтым цэны павінны быць абгрунтаванымі, лічаць у ведамстве.
У Беларусі неўзабаве будзе “поўнае адпусканне” коштаў. Пра гэта ў часе анлайн-канферэнцыі на сайце tvr.by заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч, адказваючы на пытанне індывідуальнага прадпрымальніка з Мінска.
Паводле Наркевіч, у хуткім часе здымуць мараторый на рост коштаў і бізнэс зможа фармаваць цэны з улікам усіх выдаткаў. У снежні мінулага году ў Беларусі забаранілі падвышаць кошты, а ў студзені дазволілі іх уздымаць, але толькі “на пэўны працэнт”. “Урад зрабіў гэтыя захады, каб не было рэзкага скачка для спажыўца. Было пэўнае ўказанне Прэзідэнта, які быў занепакоены сітуацыяй”, — сказала Ірына Наркевіч.
У Беларусі забароняць продаж алкаголю пасля 22-й гадзіны
Таксама яна заявіла, што ў сферы коштаўтварэння прадугледжваецца паэтапная лібералізацыя і “хутка будзе поўнае адпусканне”. Цана павінна быць свабоднай, але абгрунтаванай, з уключанымі ў яе абгрунтаванымі выдаткамі. “Будуць кантралявацца толькі кошты на сацыяльна значныя тавары, працы і паслугі паводле пераліка, які вызначаецца Саветам Міністраў”, — сказала Ірына Наркевіч.