Мінчука асудзілі за допіс міліцыянту, які ўпаў пры затрыманні Ціханоўскага

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 7 лютага асудзіў Іллю Ганчарыка на 4 гады "хіміі".
Яго прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса ("Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў"), паведамляюць праваабаронцы.
На судзе разглядаўся толькі адзін інцыдэнт, які адбыўся ў траўні 2020 года. Са свайго мабільнага тэлефона Ганчарык адправіў старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі Уладзіміру Казлоўскаму паведамленне:
“Ну што, сябрук, нядоўга табе засталося, лічы дзянькі, пацук прадажны. Адчуваеш, як падгарае зад? Гэта мы хутка па цябе прыйдзем, свіння прыкарытная".
Уладзімір Казлоўскі — той самы міліцыянт, які падчас правакацыі і затрымання Сяргея Ціханоўскага на выбарчым пікеце маляўніча паваліўся на зямлю.
Ілля Ганчарык — мінчук, у яго двое малалетніх дзяцей — 2,5 і 5 гадоў. Да нядаўнгяга часу быз беспрацоўным. А калі знайшоў новую працу, яго арыштавалі. Пад вартай Ганчарык — з 15 снежня 2021 года.
На судзе мінчук цалкам прызнаў сваю віну. Пацярпелы Казлоўскі на суд не з'явіўся, спаслаўшыся на хваробу.
Акрамя тэрміну пакарання суд вызначыў, што Ганчарык павінен заплаціць гродзенскаму міліцыянту маральную кампенсацыю — 1500 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.