Мінабароны Беларусі заявіла, што верталёт з Польшчы двойчы парушыў мяжу
У Беларусі зноў пабачылі верталёт-парушальнік (ілюстрацыйнае фота) / pap.pl
Мінабароны Беларусі заявіла, што 28 верасня верталёт з Польшчы двойчы парушыў мяжу. Сцвярджаецца, што першы раз (каля 15:20) ён заляцеў на беларускую тэрыторыю на паўтара кіламетры, другі раз (у 16:22) — на 300 метраў.
"Інфармацыя пацверджана данымі аб'ектыўнага кантролю, — заяўляе Мінабароны РБ. — У сувязі з гэтым падымалася дзяжурная авіяцыя. У цяперашні час высвятляюцца абставіны здарэння".
Міністэрства абароны Беларусі сумесна з МЗС рыхтуе ноту Польшчы.
Папярэдні інцыдэнт адбыўся 1 верасня, калі Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў пра парушэнне паветранай прасторы польскім ваенным верталётам у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. Нібыта ён на вельмі малой вышыні заляцеў на беларускую тэрыторыю на 1200 метраў і вярнуўся назад. У Польшчы гэтае паведамленне назвалі "хлуснёй і правакацыяй".
А 1 жніўня польскі бок заявіў, што два беларускія вайсковыя верталёты парушылі мяжу Польшчы. Мінабароны Беларусі тады пракаментавала заяву польскага ведамства фразай "адна бабка сказала".