Мінабароны адказала на тысячы электронных зваротаў па справе Коржыча

Міністэрства абароны Беларусі адказала на тысячы электронных зваротаў па справе загінулага ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Людзі патрабавалі спыніць беззаконне ў войску і адправіць у адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Больш за 9 тысяч подпісаў, якія збіраліся ў інтэрнэце, перасылаліся ў Мінабароны, у Палату прадстаўнікоў. Таксама яны былі адпраўленыя ў Адміністрацыю прэзідэнта, якая іх перадала ў Савет бяспекі Беларусі. Подпісы, якія атрымаў Саўмін, былі перасланыя ў… Мінабароны.
24 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка правёў з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі нараду, прысвечаную працы са зваротамі грамадзянаў, а 25-га на сайце Мінабароны з’явіўся адказ на петыцыю. Начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў піша, што на сайце ведамства з’яўляюцца “адказы на звароты, якія знаходзяцца ў сферы кампетэнцыі”. Ён прызнае, што Мінабароны атрымала “вялікую колькасць электронных зваротаў па пытаннях нестатутных адносінаў у арміі аналагічнага звесту ад розных заяўнікаў”.
Мінабароны заяўляе, што “канчатковая прававая ацэнка” ў справе гібелі Коржыча “будзе прадстаўлена грамадскасці пасля завяршэння следства, высвятлення прычын і абставін здарэння”. Дарэчы, ваеннае ведамства з 16 кастрычніка праводзіць “дадатковыя мерапрыемствы” па вывучэнні адносін сярод вайскоўцаў, таго, як службовыя асобы выконваюць патрабаванні па недапушчэнні правапарушэнняў. Пад асаблівую ўвагу трапілі часткі, дзе раней распачыналіся крымінальныя справы па фактах парушэння статутных правілаў узаемаадносін.