Міліцыя распытвала беларускага журналіста пра яго знаходжанне на Майдане
Яўгена Скрабца позвай выклікалі ў Ленінскі РУУС Брэста.
Як паведаміў Еўрарадыё журналіст, першапачаткова размова тычылася бойкі, якая адбылася ў горадзе ў лютым. Малады чалавек нібыта быў падобны на аднаго з яе ўдзельнікаў.
Скрабец: "Пасля майго адказу аб тым, што я нават не ведаю, дзе знаходзіўся тады, бо шмат часу прайшло, размова, якая трывала гадзіну, плаўна перарасла ў іншае. Нават запыталі, адкуль у мяне фотаздымак "УКантакце", дзе я знаходжуся ў Кіеве на Майдане ў экіпіроўцы. Што за экіпіроўку ён меў на ўвазе (можа, маю куртку?), я не ведаю. Увогуле запытвалі пра маю грамадска-палітычную дзейнасць".
Яўген Скрабец упэўнены, што апытанне звязанае з шэсцем "Чарнобыльскі шлях", якое прайшло ў Мінску 26 красавіка. Праз выклік у пастарунак ён не змог наведаць акцыю.
Фота — AFP