Метро па летнім графіку, 50 рублёў — усё, што яшчэ змяняецца 1 ліпеня?

З 1 ліпеня

Метро пераходзіць на летні графік

Так у працоўныя дні на Маскоўскай лініі з 7-й да 9-й раніцы і з 16-й да 19-й гадзіны цягнікі будуць хадзіць кожныя 2,5 хвіліны, а на Аўтазаводскай лініі — 3,5 хвіліны. Па суботах у гадзіну пік інтэрвал руху будзе 5 хвілін, а ў нядзелю — да 6 хвілін.

Даражэюць цыгарэты

На 50 — 800 рублёў падымецца кошт на цыгарэты марак “Кронан”, “Магнат”, “Мінск”, “Прэм’ер”, “Фэст”, “Credo”, “NZ”, “Queen”, “Alliance”, “Monte Carlo”, “Velvet”, “Luckies”, “Glamour”, “Oscar”, асобныя віды “Pall Mall”, “Vogue”, “Winston”, “Kent” і іншыя.

Ад 50 да 2,2 тысяч рублёў падымецца кошт на “Magna”, “LD”, “Monte Carlo”, “Golden Gate”, “West”, “Mild Seven”, “Camel”, “Winston”, “Glamour” і інш.

Падаражэюць імпартныя цыгарэты “Sobranie”, “Dunhill”, “Camel”, “Davidoff”. Кошты на іх вырастуць на 1 тысячу рублёў.

Празрыстыя вітрыны з цыгарэтамі сталі незаконнымі

Набываюць моц папраўкі ў так званы антытытунёвы дэкрэт. Цяпер пачкі з цыгарэтамі нельга выкладаць на вітрыны. Гэта датычыцца і буйных крамаў і дробных гандлёвых кропак, кіёскаў, павільёнаў, аб'ектаў грамадскага харчавання. Прадаваць цыгарэты ў адкрытую нельга нідзе і пачак пакупнікі больш не ўбачаць.

За цыгарэты на стэлажах над касамі ў крамах Беларусі будуць штрафаваць

Месцы продажу цыгарэтаў цяпер будуць абазначаныя інфармацыйнымі лістамі. Таксама для пакупнікоў будзе вывешаны прайс-ліст. З яго можна будзе даведацца, якія цыгарэты і па якіх коштах ёсць у продажы.

Банкнота 50 рублёў — усё

Банкноты наміналам 50 рублёў перасталі прымаць і выдаваць, у тым ліку ў якасці рэшты. У суб’ектаў гаспадарання банкі будуць прымаць купюры да 1 верасня 2015 года, а грамадзяне могуць памяняць 50 рублёў у банках да 31 снежня 2015-га. Ніякіх камісій і абмежаванняў на абмен няма. З 1 студзеня да 30 чэрвеня 2016 года абмен будзе здзяйсняцца толькі ў Нацбанку.

Як за 15 гадоў стабільнасці абясцэнілася купюра ў 50 рублёў

Сімвалічна, што 30 чэрвеня 1941 пала абарона Брэсцкай крэпасці, засталіся толькі асобныя ачагі супраціву, а праз 74 гады 1 ліпеня знікае банкнота з выявай крэпасці.

Можна праверыць грошы на сапраўднасць

З сённяшняга дня ў банках можна праверыць на сапраўднасць беларускія рублі і валюту. Для такой праверкі трэба будзе напісаць заяву ў адвольнай форме, паказаць дакумент, які сведчыць асобу, і ўнесці ў касу банка плату за паслугу. Пры гэтым не прадугледжана, што банк павінен выдаваць дакумент, які пацвярджае сапраўднасць банкнот. На рукі фізічнай асобе будуць выдавацца толькі дакументы, якія пацвярджаюць сам факт праверкі сапраўднасці банкнот і аплаты за паслугу.

Абавязковыя тэрміналы

Юрыдычныя асобы ў Мінску і абласных гарадах з 1 ліпеня абавязаныя мець плацёжныя тэрміналы. Тэрмін абавязковай устаноўкі тэрміналаў для ІП працягнулі да канца года. Прадпрымальнікі, а таксама інтэрнэт-крамы мусяць мець тэрміналы з 1 студзеня 2016 года.

Стартуе прэзідэнцкая кампанія

Палата прадстаўнікоў прызначыла дзень выбараў на 11 кастрычніка. А гэта значыць, што выбарчая кампанія стартуе з 1 ліпеня — сёння ўжо можна пачынаць падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў.

Дакументы на рэгістрацыю будуць разгледжаныя у пяцідзённы тэрмін. А збор подпісаў пачнецца з 23 ліпеня.

Выбары прэзідэнта-2015. Рэгістрацыя ініцыятыўных 1 ліпеня, збор подпісаў 23 ліпеня (каляндар выбараў)

Забараняюць назву “электронная цыгарэта”

Прадаваць так званыя электронныя цыгарэты можна будзе і далей. Але з першага ліпеня Мінгандлю забараняе выкарыстоўваць найменне “электронная цыгарэта”, у тым ліку і інтэрнэт-крамам. Да парушальнікаў будуць прымаць меры. Але як называць гэтыя прылады, Мінгандлю не удакладняе. Таму прадаўцам давядзецца ўключыць фантазію.

Апошні шанец не стаць дармаедам

1 ліпеня перадапошні дзень, каб не стаць дармаедам — самы крайні дэдлайн 2 ліпеня. Менавіта да гэтага часу трэба ці стаць на ўлік на біржу працы, ці знайсці працу. Бо акурат 2 ліпеня будзе 183 дні, якія згодна з дэкрэтам трэба адпрацаваць за год, каб не лічыцца дармаедам. Нават калі працу вы знайшлі 2 ліпеня, а аформілі вас 5 ліпеня — падатак на дармаедства давядзецца заплаціць. Так што спяшайцеся!

Зняць з уліку на біржы могуць, калі два разы адмовіўся ад прапанаванай працы

Фота: minsk-metro.net