Магутны камбэк “Нёмана” і нічыя “Тарпеда-БелАЗ”: беларусы ў Лізе канферэнцый

"Кошице" - "Нёман"

Тры беларускія клубы пачалі 2-гі раўнд Лігі канферэнцый / "Кошице"

24 ліпеня “Нёман”, “Тарпеда-БелАЗ” і мінскае “Дынама” правялі першыя матчы другога раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

Старт гульні для “Нёмана” не склаўся. Ужо ў першыя 15 хвілін першага тайма гродзенцы атрымалі два галы ў свае вароты ад славацкага клуба “Кошыце”. Але каманда змагла сабрацца пасля перапынку і пераламаць ход гульні, забіўшы тры галы. Выніковы лік — 3:2. Дублем адзначыўся Павел Савіцкі, а брамнік “Нёмана” адбіў пенальці ў канцы гульні.

Дадамо, што Павел Савіцкі на дадзены момант з’яўляецца лепшым бамбардзірам Лігі канферэнцый. У трох матчах нападнік “Нёмана” забіў чатыры галы.

“Нёман” стаў першым клубам з Беларусі, які выйграў матч еўракубка, дзе саступаў два мячы.

“Тарпеда-БелАЗ” прапусціла гол у распранальню ад “Маккабі” з Хайфы, але на пачатку другога тайма змагло зраўняць лік дзякуючы магутнаму стрэлу з-за межаў штрафной у выкананні Кірыла Прэмудрава.

Мінскае “Дынама” прайграла “Эгнатыі” — 0:2, галы былі забіты ў першым тайме і ў канцоўцы другога тайма.

Матчы ў адказ пройдуць 31 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.