Маці экс-палітвязня Судаленкі пасля візіту сілавікоў забрала хуткая

Леанід Судаленка з маці / facebook.com/leonid.sudalenko.7/
Маці праваабаронцы і экс-палітвязня Леаніда Судаленкі пасля візіту сілавікоў забрала хуткая. Пра гэта ён сам напісаў у Фэйсбуку.
Судаленка паведаміў, што сілавікі запатрабавалі ад 87-гадовай жанчыны падпісаць пратакол пра адсутнасць сына. Хоць сам праваабаронца не жыў у доме бацькоў, як ён піша, "з часоў СССР".
"Яны ведаюць, дзе я, але ж робяць выгляд, што шукаюць", — пракаментаваў былы палітвязень, які цяпер жыве па-за межамі Беларусі.
У лістападзе 2021 года Судаленку асудзілі на тры гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Так рэжым ацаніў тое, што праваабаронца дапамагаў рэпрэсіраваным і іх сем'ям.
Пасля вызвалення ў 2023 годзе ён пакінуў Беларусь і выехаў у Літву, але рэпрэсіі супраць яго працягваюцца. У 2024-м Судаленку завочна асудзілі на пяць гадоў строгага рэжыму. У сакавіку 2025-га стала вядома, што Следчы камітэт пачаў на яго трэцюю справу паводле таго ж артыкула — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.