Лукашэнка сёння сустрэнецца ў Маскве з Пуціным

У аўторак, 22 лістапада, Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным. Гэта будзе рабочы візіт у Расію беларускага кіраўніка. Як інфармуе яго прэс-служба, падчас перамоваў гаворка пойдзе пра "найбольш актуальныя пытанні парадку дня беларуска-расійскіх адносін".
Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у каментары тэлеканалу СТБ удакладніў, якія галоўныя пытанні абмяркуюць Лукашэнка і Пуцін:
"Галоўнымі будуць не гаспадарчыя пытанні, хаця і яны могуць быць закранутыя. І напэўна будуць закранутыя. Галоўныя пытанні ўсё ж такі палітычныя, з улікам ацэнкі сітуацыі, у сувязі з падзеямі, якія адбываюцца ў свеце. Гэта і выбары ў шэрагу краін, у ЗША, наступныя — у Францыі, пасля ў Германіі".
Паводле слоў Сурыкава, таксама лідары Беларусі і Расіі абмяркуюць і эканамічныя пытанні, у тым ліку нафтагазавыя. А пасля ў храме Хрыста Збаўцы Лукашэнка і Пуцін прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі віншавання патрыярха маскоўскага Кірыла, які напярэдадні адзначыў сваё 70-годдзе.