Лукашэнка сказаў, што наладзіць адносіны з Захадам параіў Пуцін

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што наладзіць адносіны з Захадам параіў Уладзімір Пуцін. У пятніцу ў Мінску ў будынку БелЭкспа праходзіць сустрэча "Вялікая размова з прэзідэнтам". Лукашэнка выказаўся пра беларуска-расійскія адносіны. Ён прызнаў, што апошнім часам сітуацыя развіваецца не вельмі добра. Найперш гэта адносіцца пытанняў з газам і нафтай.
"Без расійскай нафты мы абыйдземся. Нам будзе вельмі цяжка, але свабода і незалежнасць... не ацэньваецца ніякімі грашыма... Мы ўсё роўна знойдзем выхад. Гэтага ў Расіі, на жаль, не разумеюць. Яны думаюць, што "нікуды не падзенуцца", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, у Маскве ўпэўненыя, што "расійскай нафце замены няма". Аднак кіраўніцтва Беларусі лічыць інакш.
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што "у Расіі з'явілася нейкая насцярожанасць, што Беларусь пайдзе, што Лукашэнка на Захад развярнуўся". Паводле яго слоў, у Расіі сталі пісаць, што міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей — "галоўны вораг". Што, нібыта, гэта ён, а не Лукашэнка, "вядзе Беларусь на Захад". Аднак "ніякі Макей без згоды прэзідэнта не вядзе перамовы", адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Гэта ўзгодненая пазіцыя, на якую мяне калісьці падштурхнуў мой сябар прэзідэнт Пуцін", — заявіў кіраўнік Беларусі. Нібыта, прэзідэнта Расіі на Захадзе папракалі, што ён "дыктатара падтрымлівае". І Пуцін сказаў Лукашэнку: "Знайдзі ты з імі [з Захадам] нармальныя адносіны".