Лукашэнка сцвярджае, што мае "непублічную падзяку" ад заходніх спецслужбаў

Аляксандр Лукашэнка і Яўген Прыгожын / калаж overclockers.ru
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што мае "непублічную падзяку" ад заходніх спецслужбаў. За тое, што дапамог летам 2023-га расійскаму кіраўніцтву спыніць "паход на Маскву" Яўгена Прыгожына і яго "вагнераўцаў". Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу.
"Мае дзеянні былі ацэненыя Захадам у тым ліку, што мяне здзівіла. Нават ЦРУ і МІ-6, іншыя спецслужбы гэта вельмі высока ацанілі, — кажа Лукашэнка. — Чаму? Пра гэта не прынята публічна казаць. Але Захад гэта заўважыў, я тады таксама гэта адчуў, але калі ўжо працэс пачаўся: Жэня Прыгожын рваўся да ядзернай кнопкі. І заходнікі дапускалі, што ў той перыяд ён можа зрынуць існуючую ўладу і захапіць ядзерную зброю".
"Мяцеж" стваральніка ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына працягваўся 23-24 чэрвеня 2023 года. Прыгожын быў незадаволены дзеяннямі тагачаснага міністра абароны РФ Сяргея Шайгу і кіраўніка Генштаба Валерыя Герасімава. Частка "вагнераўцаў" з цяжкай тэхнікай выйшла з акупаванай расіянамі тэрыторыі Украіны і заняла Растоў-на-Доне, іншыя некалькімі калонамі пайшлі на Маскву і спыніліся толькі ў 200 кіламетрах ад сталіцы. Па дарозе расійская авіяцыя наносіла ўдары па "вагнераўцам", а яны наносілі ўдары па ёй (быў збіты самалёт і некалькі верталётаў).
У выніку перамоваў, у якіх удзельнічаў Аляксандр Лукашэнка, Яўгену Прыгожыну паабяцалі спыненне крымінальнага пераследу ў Расіі за "мяцеж" і свабодны выхад для "вагнераўцаў" у Беларусь (для тых, хто на гэта згодны). Пасля гэтага паход на Маскву скончыўся і "вагнераўцы" развярнулі свае калоны.
Праз два месяцы Яўген Прыгожын загінуў у авіякатастрофе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.