Лукашэнка падпісаў пагадненне аб узаемным прызнанні віз з Расіяй

Аляксандр Лукашэнка падпісаў пагадненне аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. Урады яго падпісалі ў чэрвені сёлета ў Мінску, Палата прадстаўнікоў ухваліла ў кастрычніку, Савет Рэспублікі — у лістападзе. Лукашэнка паставіў подпіс 7 снежня. Дакумент у чацвер апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Цяпер замежнікі змогуць легальна прыязджаць у Беларусь з Расіі і наадварот, не адкрываючы новую візу. Раней замежнікаў, якія прыязджалі наземным транспартам з Расійскай Федэрацыі, маглі дэпартаваць з Беларусі і забараніць уезд — паводле закону яны перасякалі мяжу нелегальна.
Пагадненне пачне дзейнічаць праз 30 дзён пасля ратыфікацыі дзяржавамі (Беларусь ратыфікуе яго першай).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.