Лукашэнка незадаволены адтокам капіталу з Беларусі ў "недружалюбныя" краіны
Аляксандр Лукашэнка / Reuters
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай абароне беларускай эканомікі, заявіў аб адтоку сродкаў у "недружалюбныя краіны". Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе "аб мэтанакіраваным вывадзе прыбытку за межы Беларусі". Ён запатрабаваў ад урада "вычарпальную інфармацыю аб тым, чаму ўзнікаюць такія прэцэдэнты" і заявіў, што ў гэтым выпадку "абарончыя меры павінны ўключацца вокамгненна і без усялякіх ваганняў".
Лукашэнка лічыць, што Беларусь прапануе замежным інвестарам "адны з найлепшых умоў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктуру, натуральна, кампетэнцыі". На яго думку, можна прыходзіць і працаваць. Але калі хтосьці паспрабуе "нажыцца" за кошт народа, "ёсць механізмы процідзеяння і ўразумлення". Выказванні Аляксандра Лукашэнкі прыводзіць БЕЛТА.
Ён таксама крытычна паставіўся да ідэі ўрада больш гнутка падыходзіць да продажу маёмасці і доляў у бізнесе, якія належаць замежнікам з "недружалюбных краін". Улада забараніла прадаваць гэтыя актывы пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Лукашэнка лічыць, што меры ў адказ на санкцыі павінны працаваць на поўную моц, але пры гэтым заявіў, што "дзяржава не будзе страляць сабе ў нагу". Урад прапанаваў прадугледзець выпадкі, калі такі продаж можа быць магчымы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, "немагчымы ніколі". Але ён пагадзіўся выслухаць прадстаўнікоў Саўміна.