Ксёндз Генрых Акалатовіч паведаміў, што яго абвінавацілі ў "шпіянажы"

Ксёндз Генрых Акалатовіч

Ксёндз Генрых Акалатовіч / katolik.life

65-гадовы ксёндз Генрых Акалатовіч перадаў вестку з-за кратаў. У канцы мінулага года палітвязня асудзілі на 11 гадоў зняволення. Цяпер ксёндз паведаміў, што яго абвінавацілі ў "шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана", што з'яўляецца "грубай правакацыяй". Акалатовіч падкрэсліў, што ніколі не быў шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а "ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі", піша katolik.life.

Паводле святара, усё абвінавачванне "будуецца на хлусні, пагрозах і шантажы". Генрых Акалатовіч падкрэсліў, што з дзясяткаў сведак (сярод іх ёсць чыноўнікі і вайскоўцы) ніхто не даў супраць яго "выкрывальных паказанняў". У яго паведамленні ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы — верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца эксперты з Мінабароны, з чаго можна зрабіць выснову, што святару маглі інкрымінаваць нібыта перадачу нейкіх звестак на ваенную тэматыку.

Акалатовіч — вядомы і паважаны ў Беларусі святар, які яшчэ з савецкіх часоў дапамагаў адраджаць каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Неаднаразова станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўных СМІ. Суд над ім быў закрытым. Святар не прызнаў віну. Беларускія праваабаронцы прызналі ксяндза палітычным зняволеным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.