Крэмль не гатовы прызнаць наяўнасць палітвязняў у Беларусі

Крэмль не гатовы прызнаць наяўнасць палітвязняў у Беларусі

Крэмль не будзе прызнаваць, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя, заявіў прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў.

"Мы не гатовыя прызнаць у цэлым наяўнасць палітычных зняволеных у Беларусі", — перадае ТАСС яго каментар наконт затрымання сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай. Пяскоў дадаў, што Крэмль не мае інфармацыі наконт гэтага здарэння і спадзяецца на высвятленне сітуацыі.

Шэраг заходніх краін і міжнародных арганізацый звяртаюцца да беларускіх уладаў з заклікам вызваліць палітвязняў. "Мы не згодныя з такой трактоўкай, трэба разглядаць кожны канкрэтны выпадак. Вешаць цэтлікі або рабіць абагульненні мы лічым няправільным", — пракаментаваў такія заклікі прэс-сакратар Пуціна.

Таксама Пяскоў падкрэсліў, што Крэмль не меў ніякіх кантактаў з Каардынацыйнай радай у Беларусі. "Рашэннем Канстытуцыйнага суда самаабвешчаны орган быў прызнаны незаконным, неканстытуцыйным. Таму, вядома, у дадзеным выпадку ні пра якія кантакты гаворкі быць не можа", — заявіў ён.

Раней прадстаўнікі Каардынацыйнай рады казалі, што спрабавалі скантактавацца з амбасадарам Расіі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым.

Канстытуцыйны суд назваў Каардынацыйную раду неканстытуцыйнай у дакуменце пад назвай "Канстытуцыйна-прававая пазіцыя па абароне канстытуцыйнага ладу". асобнага рашэння Канстытуцыйнага суда па гэты пытанні няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.