Кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў заклікае Мінск вызваліць Анджэя Пачобута

Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут / sb.by

З заклікам вызваліць з-за кратаў асуджанага журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута выступіла кіраўніца незарэгістраванага Саюза палякаў Анжаліка Борыс.

У сваім допісе ў Фэйсбуку яна звярнулася да беларускіх уладаў. "Анджэй Пачобут — наш калега і актывіст, сябра праўлення СПБ, журналіст, ён ніколі не быў "апазіцыянерам", і мы вельмі просім улады ў Мінску аб яго вызваленні", — напісала Борыс.

Акрамя таго яна падзякавала беларускім уладам за магчымасць палякам у Беларусі вывучаць польскую мову.

Афіцыйная Варшава называе вызваленне Пачобута першай і асноўнай умовай для змякчэння санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. Пытанне пра Пачобута прагучала пасля нядаўняга вызвалення 14 чалавек з беларускага зняволення. Сярод вызваленых васьмёра былі грамадзянамі не Беларусі, а іншых краін, у тым ліку тры палякі. Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Уроньскі быў вымушаны тлумачыць, што Пачобут стаіць першым у польскім спісе на вызваленне.

Анжаліку Борыс сваім часам арыштоўвалі па той жа "польскай справе", што і Пачобута. магчыма, яе цяперашні допіс, кампліментарны для беларускіх уладаў, сведчыць, што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да перамоваў аб вызваленні Пачобута.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.