"Хадзіць не магу — толькі аперацыя". Як людзі змагаюцца з наступствамі COVID-19
Пасля СOVID-19 пачаліся праблемы з кішэчнікам, а потым забалелі ногі / unsplash.com
Год таму беларускі фатограф напісаў у сябе ў Фэйсбуку пра тое, што стаў ляжачым пасля таго, як перахварэў на кавід, і ўжо некалькі гадоў змагаецца з ускладненнямі.
Яшчэ адну гісторыю на днях Еўрарадыё расказала слухачка Таццяна [на просьбу суразмоўніцы імя змененае]. У цяперашні момант дзяўчына жыве ў Варшаве і чакае аперацыі на абедзве нагі. Таццяна папрасіла апублікаваць яе аповед і папярэдзіць чытачоў: "Калі з'яўляюцца мінімальныя недамаганні, трэба адразу ісці з імі да лекара і дакопвацца да ісціны, настойваць на дадатковых абследаваннях, пакуль не пройдзе ўсё, што трывожыць".
Ад кавіду да праблем з кішэчнікам і аперацыі на абедзве нагі
Таццяна перахварэла кавідам у канцы студзеня 2021 года. Хваробу перанесла даволі лёгка — толькі галава моцна балела і некалькі дзён быў насмарк.
— Але кавід выклікаў у мяне хранічнае імуннае захворванне кішэчніка — язвавы каліт (да гэтага праблем з кішэчнікам ніколі не было), і з гэтага ўсё пачалося, — успамінае суразмоўца Еўрарадыё. — Пачалася вайна. Тады я яшчэ не ведала, што гэта вось у мяне імуннае захворванне, лекары таксама толкам нічога не казалі. Сімптомы амаль прапалі, і мы з'ехалі ў Іспанію.
Праз пару месяцаў пасля пераезду ў Барселону дзяўчына з'ела шмат буякоў на галодны страўнік, і гэта выклікала абвастрэнне праблем з кішэчнікам. З гэтым Таццяна змагалася наступныя два гады, ужо жывучы ў Польшчы.
— Што такое некроз галоўкі сцегнавой косткі і чаму ён развіўся пасля кавіду?
— Калі казаць наогул, то некроз — гэта змярцвенне тканак (смерць тканак). Чалавек можа сутыкацца з двума відамі некрозу: септычным і асептычным. Септычны — гэта калі бактэрыі з'ядаюць тканку (гнаяродныя працэсы, якія мы можам бачыць звонку). Асептычныя некрозы па-іншаму называюцца інфарктамі, гэта значыць калі ў нас недастатковае кровазабеспячэнне і пажыўныя рэчывы не паступаюць да органаў або тканак.
Напрыклад, мы ведаем, што інфаркт сэрца здараецца, калі частка мышачнай тканкі сэрца памірае ад закупоркі сасудаў сэрца.