КДБ пацвердзіў, што следчы забраў у Міхалевіча пашпарт
Ці будзе ён аб'яўлены ў міжнародны вышук, пакуль невядома.
Пашпарт у экс-кандыдата ў прэзідэнта Алеся Міхалевіча быў забраны следчым. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Нагадаем, Алесь Міхалевіч з'яўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых бесарадках ў Мінску 19 снежня 2010 года. Два месяцы ён правёў за кратамі і быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе 19 лютага. Неўзабаве ён зрабіў заяву пра тое, што ў следчым ізалятары КДБ яго катавалі.
Уначы 14 сакавіка ў сваім блогу Міхалевіч аб'явіў, што знаходзіцца "не ў зоне дасягальнасці беларускага КДБ". Сайт руху "За Свабоду" паведаміў, што палітыку ўдалося выехаць за мяжу і дарога заняла суткі. Без пашпарту Міхалевіч мог выехаць толькі ў Расію, але яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.
Сям'я Алеся Міхалевіча засталася ў Мінску.