Кампанія "Гавары праўду!" падводзіць вынікі першых 100 дзён існавання

9 чэрвеня спаўнілася 100 дзён з моманту афіцыйнага старту кампаніі “Гавары праўду!” Па словах лідэра кампаніі Ўладзіміра Някляева, яе актывісты ад пачатку вырашылі не ўвязвацца ў палітычныя праблемы, а паставілі сабе за мэту ўздымаць праблемы сацыяльныя.  Уладзімір Някляеў: “Калі мы пачыналі, нам казалі, што мы робім стратэгічную памылку, што трэба найперш звяртацца да палітычных праблем. Але мы разумелі, што жыццё не ў палітыцы, а ў самім жыцці. І на тым, як люзі жывуць, мы засяродзілі сваю ўвагу. І мне здаецца, што не памыліліся”.

Такімі жыццёвымі зваротамі, па словах Някляева, стала акцыя з паштоўкамі “Гавары праўду!”, дзе прапановаўвалася расказаць пра сваю бяду і праблемы прэзідэнту, праект “100 абліччаў беспрацоўя”, які распавядае пра з’яву беспрацоўя, і ініцыятыва па перайменаванні вуліцы Ўльянаўскай ў вуліцу імя Васіля Быкава.
 
Такія ж тэмы, кажа Някляеў, кампанія плануе распрацоўваць і надалей.
 
Уладзімір Някляеў: “Зараз у нас на падыходзе праект па ахове здароўя. Пасля таго, як мы трохі пабывалі ў турме і пабачылі, колькі там сядзіць моладзі, найперш за наркаманію, мы рыхтуем праект па гэтай праблеме. Мы будзем і далей браць розныя зрэзы грамадства і з імі працаваць”.

Але самае галоўнае, кажа, гэта тое, што ўдалося дабіцца таго, каб людзі пачалі імкнуцца да праўды, разумець, што без яе немагчыма годна жыць.