Калі Пуцін не прыедзе ў Стамбул, гэта будзе адмова Расіі ад перамоваў — Ярмак

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак / РБК-Україна
Адмова Уладзіміра Пуціна ад візіту ў Стамбул 15 траўня стане "апошнім сігналам", што Расія не хоча і не гатовая да перамоваў аб міры. Пра гэта заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак падчас сесіі Капенгагенскага дэмакратычнага саміту 2025, перадае hromadske.ua.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што гатовы прыбыць у Турцыю. Таксама Ярмак нагадаў, што прысутнасці абодвух лідараў чакае і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Аднак расійскі бок дагэтуль не даў адказу наконт удзелу Пуціна ў перамовах, дадаў кіраўнік Офіса Зяленскага.
Ярмак прапанаваў, каб у выпадку адмовы Расіі ад перамоваў ЗША і астатнія краіны адказалі ўвядзеннем новых санкцый супраць РФ і павелічэннем вайсковай дапамогі Украіне.
У ноч на 11 траўня Пуцін прапанаваў аднавіць прамыя перамовы з Украінай "без якіх-небудзь папярэдніх умоў" у Турцыі 15 траўня. Зяленскі пагадзіўся на гэтую прапанову, заявіўшы, што весці перамовы будзе толькі асабіста з Пуціным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.