Качанава: Беларусь будзе весці дыялог з РФ на раўнапраўных пачатках

Качанава: Беларусь будзе весці дыялог з РФ на раўнапраўных пачатках

Беларусь у перамовах з Расіяй разлічвае на ўзаемадзеянне на раўнапраўных пачатках. Пра гэта заявіла спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава 19 снежня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу прызначаныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна наконт далейшай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй. 

Каментуючы перамовы, Качанава, якая да нядаўняга часу ўзначальвала Адміністрацыю прэзідэнта, заявіла: "У дыялогу з расійскім бокам Беларусь нацэленая на канструктыўнае ўзаемадзеянне, і самае галоўнае — на раўнапраўных пачатках. На гэтым пастаянна акцэнтуе ўвагу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка".

Інтэграцыя Беларусі і Расіі, па яе словах, павінна ісці з улікам нацыянальных інтарэсаў. "Галоўнае — гэта роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, роўны доступ да рынкаў без выключэнняў і абмежаванняў", — патлумачыла Качанава.

У 2020 годзе Беларусь будзе старшыняваць у органах Еўразійскага эканамічнага саюза. Па словах спікера Савета Рэспублікі, дзеянні нашай краіны будуць накіраваныя "на рэалізацыю чатырох асноўных свабод аб'яднання: перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.