Інвестыцыі ў "нешта чумнае": улады прыдумалі, як ажывіць дзяржсектар
Мінфін нават прадаваў аблігацыі ў пачатку года, каб падтрымаць БМЗ / belsteel.com
Улады шукаюць спосаб прыцягнуць інвестараў на дзяржпрадпрыемствы. Для гэтага кампаніі трэба пазбавіць ад даўгоў, расказаў намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін.
Перадаць неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы прыватнаму ўласніку — добрая ідэя, але наўрад ці гэта прывядзе да ўсплёску інвестыцый. Бо замежныя інвестары трымаюцца ў баку ад Беларусі, а ўнутраным не хочацца ў турму.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, чаго чакаць ад "новага інвестыцыйнага цыкла".
Даўгі старога інвестыцыйнага цыкла
Віцэ-прэм'ер прызнае, што ў многіх прадпрыемстваў велізарная даўгавая нагрузка назапашвалася гадамі. Праз гэта інвестарам прасцей пабудаваць нешта новае, чым укладваць грошы ў сістэматычна стратныя праекты.
Каб вырашыць праблему, прапануецца тры варыянты. Першы — даць прадпрыемствам адтэрміноўку і "ссунуць даўгі". Другі — прадаваць кампаніі за 1 базавую велічыню (29 рублёў). Новы ўладальнік атрымае прадпрыемства за капейкі, але павінен будзе сам пагасіць усе даўгі.
Яшчэ адзін варыянт — "ачысціць" прадпрыемства ад даўгоў. Потым прадаць, але запатрабаваць у новага ўладальніка, каб захаваў некаторыя старыя парадкі як мінімум на 5 гадоў. Напрыклад, сацпакет работнікаў або вытворчасць канкрэтнай прадукцыі.
Такія варыянты вырашэння праблем нядрэнныя, калі разглядаць ідэю ў адрыве ад беларускай сітуацыі, лічыць акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.
— Даўгі, дарэчы кажучы, утварыліся не на пустым месцы, а ў выніку папярэдняга вельмі паспяховага інвестыцыйнага цыкла — праграмы мадэрнізацыі, якая не дала належных вынікаў.
Было б правільна прызнаць, што гэтая праграма была памылкай, і нейкім чынам даўгі спісаць. Часта разгортваеш справаздачу тыповага дзяржпрадпрыемствы, бачыш там аперацыйны прыбытак. Гэта значыць, прадпрыемства вырабляе і прадае сваю асноўную прадукцыю, яно прыбытковае. Але калі ўлічыш абслугоўванне даўгоў, аказваецца, што прадпрыемства стратнае.
Узровень інвестыцыйнай прывабнасці — "нешта чумнае"
Ці стануць інвестары ўкладваць у беларускія дзяржпрадпрыемствы, залежыць ад таго, якія ўмовы будуць прапанаваныя. Кацярына Барнукова адзначае, што размовы пра падобныя праекты вядуцца даўно.
— І ўсё ўпіралася ў нейкую камбінацыю прычын. Напрыклад, нежаданне прадаваць з боку дзяржавы. Альбо прадпрыемства сапраўды абцяжаранае даўгамі. Альбо з пакетам абавязацельстваў, якія рабілі гэты продаж не вельмі цікавым для інвестараў. І ўсе мінулыя гады мы не бачылі вялікага інвестыцыйнага попыту.
Цяпер замежныя інвестары не стануць займаць чаргу, каб купіць некалькі дзяржпрадпрыемстваў у Беларусі, у тым ліку праз палітычны крызіс.
— Ва ўмовах, калі Беларусь на міжнароднай арэне выглядае як нешта чумнае, што лепш не чапаць, трэба прапанаваць звышпрыбытак інвестару. Інакш няма сэнсу звязвацца, — працягвае Кацярына Барнукова.
Ёсць яшчэ інвестары ўнутры Беларусі, але для іх ісці ў дзяржсектар — справа вельмі рызыкоўная.
— Мы бачылі масу прыкладаў, таго ж Мураўёва з "Мотавела", які сеў у турму, маўляў, не выканаў сваіх абавязацельстваў. Іх жа можна не выканаць з масы самых розных прычын.
Унутраныя інвестары заўсёды трохі шарахаліся ад дзяржуласнасці, а цяпер тым больш будуць.
Каб прадаваць, патрэбна празрыстая справаздачнасць
Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін адзначае, што кіраўнікі дзяржаўных вытворчых памяшканняў часта не хочуць нічога прадаваць.
— З досведу нашага аб'яднання, там, дзе даходзіла да выкупу памяшканняў, узнікала завышаная ацэнка. Распарадчык нерухомасці не хоча з ёй расставацца, калі яна здаецца ў арэнду. Таму што арэнда — гэта дадатковы даход. Ёсць жа цэлыя прадпрыемствы-ранцье, дзе не вытворчасць прадукцыі, а здача ў арэнду становіцца асноўным відам дзейнасці.
Выкуп прадпрыемства за адну базавую велічыню таксама можа аказацца справай сумнеўнай. Бо фінансавую справаздачнасць яшчэ трэба знайсці.