Інтэрв'ю з Крыгерам на БТ ушчамляе яго годнасць — МЗС Германіі
Рыка Крыгер / "Беларусь 1"
Інтэрв'ю з Рыка Крыгерам, паказанае на тэлеканале "Беларусь 1", ушчамляе яго годнасць. Пра гэта заявіла прадстаўніца МЗС Германіі Катрын Дэшаўэр, перадае DW.
Відэа з грамадзянінам ФРГ, асуджаным у Беларусі на смерць паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, выйшла на БТ увечары 25 ліпеня.
У МЗС Германіі кажуць, што такія відэа, якія не ўпершыню паказваюць прапагандысцкія СМІ рэжыму Лукашэнкі, ушчамляюць годнасць людзей, паказаных у іх. Катрын Дэшаўэр заклікае афіцыйны Мінск ўстрымацца ад падобнай практыкі. Таксама прадстаўніца МЗС запэўніла, што Берлін аказвае інтэнсіўную консульскую падтрымку Рыка Крыгеру.
СМІ і эксперты мяркуюць, што Крыгера могуць выкарыстоўваць для абмену на расіяніна Вадзіма Красікава. Гэта афіцэр ФСБ, які ў 2019 годзе ў Берліне застрэліў былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі. За гэта ў Германіі Красікава прысудзілі да пажыццёвага зняволення.
Намесніца афіцыйнага прадстаўніка ўрада ФРГ Крысціяне Хофман кажа, што ва ўрадзе не каментуюць тэму магчымага абмену Крыгера.