Іх норавы: радыкальнае рашэнне для дакучлівай песні і гірлянда ў блэкаўт
Кароткі святочны агляд міжнародных навін ад Еўрарадыё / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі вакол мала добрых навін, значыць, трэба пашырыць радыус пошуку. Гэта спецыяльны пераднавагодні агляд сусветных навін ад Еўрарадыё. Тут з вамі не здарыцца нічога страшнага.
А дзе чытаць страшныя навіны, вы ведаеце самі. Так, таксама на Еўрарадыё.
Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.
"Не хачу вас чуць"
Мастачка Ханна падчас вучобы падпрацоўвала ў кавярні. Аднойчы яе бос прынёс на працу дыск з найлепшымі каляднымі песнямі, сярод якіх была Last Christmas групы Wham. Ханна запэўнівае, што за адзін працоўны дзень песня гучала 111 разоў!
Праз гады Ханна вырашыла адпомсціць песні і разам з мужам яны запусцілі збор сродкаў, распавядае The Mirror. Яны хочуць выкупіць аўтарскія правы і жыць з пэўнасцю, што больш ніколі яе не пачуюць. На гэты час пара сабрала больш за 60 тыс. долараў. Засталося яшчэ каля 15 млн долараў — і ўсё, вы больш ніколі не пачуеце Last Christmas!
Гурт паабяцаў, што калі Ханна даб'ецца поспеху, то майстар-запіс песні ад 1984 года выкінуць на палігон ядзерных адходаў. Калі вы любіце Last Christmas, не ўпадайце ў роспач, да таго моманту, як Ханна збярэ 15 млн даляраў, вы паспееце паслухаць песню яшчэ як мінімум 111 раз.
І гэта, аматары папулярных калядных песень, нават калі Ханна дасягне жаданага, у нас з вамі застанецца Мэрая Кэры!
Чаявыя ў ранішнюю змену
А ў ЗША афіцыянтка з невялікага штата Вісконсін выйшла папрацаваць у ранішнюю змену на Каляды. І атрымала 1000 долараў чаявых!
Кэлі Блю працуе ў звычайнай закусачнай. Раніцай, 25 снежня, яна як звычайна разгаварылася з кліентам. А ён аказаўся выканаўчым дырэктарам аднаго з мясцовых клубаў, які штогод праводзіць калядную дабрачынную акцыю. Пра гэта распавядае Fox News.
Сёлета ў рамках акцыі ўдалося сабраць 100 тыс. долараў, у асноўным гэта былі мэтавыя зборы на дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы. Але некалькі донараў папрасілі, каб іх ахвяраванні пайшлі менавіта на буйныя чаявыя.
Кэлі сказала, што ставілася да шчодрага госця гэтак сама, як да любога, хто заходзіць у кавярню. А той быў уражаны яе прыязнасцю. Гэта ж трэба, у ранішнюю змену!
Увогуле, мы расказваем гэтую гісторыю на выпадак, калі вам давядзецца бліжэйшым часам працаваць у святочную раніцу. Тысячу долараў не абяцаем, проста адчайна шукаем словы падтрымкі.
Колькі гадзін вы гатовыя прастаяць у чарзе?
А немцы гатовыя стаяць па 12 гадзін. У папярэднія 2 гады праз пандэмію продаж і запуск феерверкаў у Нямеччыне забаранялі — так спрабавалі не дапусціць збору людзей у адным месцы. У гэтым годзе забарону знялі, і Bild піша пра велізарныя чэргі да спецыялізаваных крамаў. Часам людзі займаюць чаргу з вечара!
Ну а мы ўслед за Bild нагадваем: неасцярожнае абыходжанне з піратэхнікай пагражае траўмамі, ад феерверкаў пакутуюць птушкі, а яшчэ пры запуску феерверкаў у паветра выкідаюцца шкодныя часціцы.
І гэта не кажучы пра тое, што за адмову ад феерверкаў вам вельмі падзякуюць людзі, якія ў гэтым годзе бачылі і чулі сапраўдныя выбухі.
Як падлучыць ялінку ў блэкаўт
Дарэчы, а ці ведаеце вы, чаму свеціцца ялінка на вакзале ў Кіеве, нягледзячы на блэкаўт і абстрэлы? Таму што гірлянды далучылі да велагенератара, пісала ВВС.
War? Blackout? No Christmas tree?
— Alexander Kamyshin (@AKamyshin) December 17, 2022
You never guess what we invented :))) pic.twitter.com/uKQKPIWeW3
Старшыня праўлення ўкраінскай чыгункі Аляксандр Камышын паказваў у Твітары, як гэта працуе. Уласна кажучы, менавіта так, як вы сабе гэта ўявілі: на вакзале ўсталявалі велатрэнажор, а гірлянда загараецца, калі хтосьці пачынае круціць педалі.
Мы спадзяемся, што гэта відэа дасць надзею на лепшае усім, хто напрыканцы года апусціў рукі. Нягледзячы ні на што, працягвайце круціць педалі.