Іх норавы: "омікрон " дамінуе ў ЗША, а большасць NFT каштуе менш за $15
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пакуль у Беларусі фанатычных бюджэтнікаў зганяюць на акцыю да амбасады Вялікабрытаніі, у свеце адбываецца шмат цікавага. Еўрарадыё публікуе традыцыйны агляд сусветных навін пра жыццё ў суседніх краінах, тэхналогіі і пра тое, што з намі, здаецца, цяпер назаўсёды, — каранавірус.
Амерыканец украў 18-метровы мост, паліцэйскія не маглі знайсці яго месяц
У ЗША ў штаце Агая ў мінулым месяцы знік 18-метровы мост. Паліцэйскія шукалі яго цэлы месяц і ў выніку знайшлі згубу ў 63-гадовага мясцовага жыхара. Ён не растлумачыў, навошта яму спатрэбілася такая габарытная канструкцыя, але расказаў, як усё было.
Мост паставілі ў парку некалькі гадоў таму. У мінулым месяцы ў парку задумалі рэканструкцыю і мост дэмантавалі. Канструкцыю акуратна часова склалі на полі непадалёк.
Амерыканец арандаваў пад'ёмны кран у мясцовай транспартнай кампаніі і перавёз мост да сябе на ферму. Дзе яго і знайшлі паліцэйскія ў выніку пошукавых аперацый.
Паліцыя кваліфікавала дзеянні амерыканца як цяжкія і змясціла яго пад арышт да суда.
Навукоўцы прааналізавалі NFT — большасць не каштуе і $15
Пакуль хтосьці плануе разабрацца ў біткойнах і крыптавалютах, хтосьці выпускае гатовыя даследаванні NFT-токенаў. Гэты імклівы рынак нарабіў шмат шуму летась, і зразумела чаму: лічыцца, што гэта высокапрыбытковая сфера.
Каманда даследчыкаў з Лонданскага ўніверсітэта вывучыла 6,1 мільёна здзелак на рынку NFT з 23 чэрвеня 2017 года да 27 красавіка 2021 года. І прыйшла да высновы, што рынак лічбавых актываў імкліва расце, аднак большасць прададзеных аб'ектаў каштуе вельмі мала.
З 4,7 мільёна NFT, якімі абмяняліся больш як 500 тысяч пакупнікоў і трэйдараў, толькі 1% файлаў атрымалася прадаць за больш чым 1594 долары. 75% аб'ектаў каштавалі не больш за 15 долараў.
Здзелак атрымалася значна больш, чым прададзеных файлаў, магчыма, праз практыку перапродажу адных і тых самых токенаў за больш высокую цану, піша часопіс Nature.
"Омікрон" стаў дамінантным варыянтам каранавіруса ў ЗША
Па звестках цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў, "омікрон" — пераважны варыянт каранавіруснай інфекцыі ў ЗША. За перыяд з 12 да 18 снежня доля заражэнняў "омікронам" вырасла ў краіне да 73,2%, а на дамінантную да гэтага "дэльту" цяпер прыпадае 26,6% новых захворванняў. Новы варыянт знойдзены амаль ва ўсіх штатах.
"Омікрон" ужо распаўсюджаны ў некалькіх дзясятках краін, уключаючы Расію. Першы выпадак смерці ад яго быў зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі 13 снежня. У Беларусі "омікрон" пакуль не выяўлены.
Пуцін прыняў папраўкі ў закон "Аб паліцыі". Цяпер паліцыя зможа больш
Цяпер расійская паліцыя зможа не прадстаўляцца і не прад'яўляць службовае пасведчанне, пранікаць у чужое жыллё, на зямельныя ўчасткі і тэрыторыі, адчыняць аўтамашыну пры пагрозе жыццю і здароўю грамадзян у пэўных выпадках. Раней сілавікі маглі заходзіць без дазволу, калі трэба было затрымаць асоб, якія ўжо падазраваныя, цяпер дастаткова паказанняў сведак.
Закон набыў моц з дня яго апублікавання. Гэта другое чытанне праекта, у першапачатковай версіі аўтары прапаноўвалі пашырыць падставы для прымянення зброі ў дачыненні да затрыманых.
Тэлеграм працуе над функцыяй абароны ад спойлераў
Дураў працягвае ствараць найлепшы месенджар на планеце Зямля, які пакуль яшчэ бясплатны. У планах у каманды распрацоўшчыкаў выпусціць функцыю, якая дазволіць хаваць паведамленні, робячы іх тэкст размытым. Пра гэта расказаў Георгій Лобушкін — былы прэс-сакратар "УКантакце".
Паводле яго слоў, у тэлеграме з'явіцца новае фарматаванне, дзякуючы якому адпраўнік зможа прыбіраць паведамленне або яго частку "пад спойлер". Схаваны тэкст будзе размыты. Прачытаць яго можна будзе пстрыкнуўшы па ім.