ХК "Юнацтва-Мінск" выступіў з заявай наконт прэпарата "Мілдранат"

ХК "Юнацтва-Мінск" выступіў з заявай наконт закупкі прэпарата "Мілдранат". Як паведамляла Еўрарадыё, на сайце дзяржзакупак з'явілася абвестка пра тэндар ад хакейнага клуба, які купляе за кошт бюджэту 30 упаковак мілдранату. А гэта той прэпарат, які з пачатку 2016-га быў прызнаны Сусветнай антыдопінгавай асацыяцыяй допінгам, яго ўжыванне стала прычынай шматлікіх дыскваліфікацыяў спартсменаў.
"Юнацтва-Мінск" падкрэслівае, што ў сваёй спартыўнай дзейнасці прытрымліваецца правілаў барацьбы з допінгам і не заахвочвае выкарыстанне спартсменамі забароненых прэпаратаў. На сайце хакейнага клуба было змешчанае тлумачэнне лекара, начальніка аддзела медыцынскага забеспячэння "Юнацтва-Мінск" Андрэя Канстанціновіча.
"Мілдранат" можа выкарыстоўвацца спартоўцамі для лячэння захворванняў, але толькі пры афармленні тэрапеўтычнага выключэння, — тлумачыць Канстанціновіч. — З моманту ўнясення мельдонія ў спіс забароненых прэпаратаў хакеістамі каманды "Юнацтва-Мінск" не прымяняўся дадзены прэпарат. Пасля матчаў праводзяцца допінг-тэсты. І адсутнасць станоўчых вынікаў на забароненыя рэчывы ў аналізах спартсменаў нашага клуба пацвярджаюць гэта".
Што да абвесткі пра тэндар ад хакейнага клуба, то лекар сказаў наступнае: "Заданне на закупку арганізацыяй тых ці іншых прэпаратаў афармляецца ў канцы года, мае папярэдні характар і ахоплівае ўсе 12 месяцаў наступнага. Прадбачыць, каму, калі і які прэпарат можа спатрэбіцца ў будучыні, немагчыма. Праводзячы тэндэр, арганізацыя толькі вызначае кампанію, у якой будуць набывацца лекавыя сродкі. Сама закупка прэпаратаў адбываецца пры іх неабходнасці. У выпадку з тымі, што змяшчаюць забароненыя рэчывы — толькі пасля афармлення тэрапеўтычнага выключэння. Аднак пасля ўнясення "Мілдраната" ў спіс забароненых прэпаратаў, хакейным клубам "Юнацтва-Мінск" ні ён, ні яго адпаведнікі не набываліся".