Хакеісты мінскага "Дынама" згуляюць у гасцях з рыжскімі аднаклубнікамі

13 снежня хакеісты мінскага "Дынама" згуляюць у гасцях з рыжскімі аднаклубнікамі. Гэта будзе чарговы матч рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Ён пачнецца а 18-й гадзіне паводле беларускага часу. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5".
Букмекеры лічаць, што ў гэтым паядынку няма фаварыта. Нагадаем, за нашу каманду не згуляе абаронца Нік Бэйлен, у яго траўма (яе ў матчы ў Чарапаўцы нанёс былы гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Сяргей Дзямагін, які гуляе за "Северсталь"). У бягучым сезоне мінскае і рыжскае "Дынама" сустракаліся ўжо двойчы. 30 жніўня ў Мінску выйгралі госці — 4:0, а 2 лістапада беларуская каманда ўзяла на сваёй пляцоўцы рэванш — 2:0.
Мінскае "Дынама" працягвае змагацца за месца ў зоне плэй-оф Заходняй канферэнцыі. З 59 ачкамі пасля 40 матчаў мінчукі знаходзяцца на 8-м месцы. Столькі ж ачкоў, але пасля 42 гульняў, мае "Медвешчак". Рыжскае "Дынама" пасля 39 матчаў набрала толькі 50 ачкоў і займае 12-е месца.
Фота: hcdinamo.by
