Хакеісты Лукашэнкі выйгралі ў каманды Арабскіх Эміратаў — 12:4 (відэа)

5 студзеня ў мінскім Палацы спорту прайшлі чарговыя матчы ХI Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз кіраўніка Беларусі.

Як перадае БЕЛТА, каманда Аляксандра Лукашэнкі перамагла каманду Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 12:4 (7:1, 2:2, 3:1). Дарэчы, за гасцей гулялі некалькі беларускіх ветэранаў хакея. Гаспадары турніру ўсю гульню трымалі ініцыятыву ў сваіх руках і адкрылі лік на 16-й секундзе сустрэчы.

У складзе пераможцаў 3 шайбы закінуў Генадзь Савілаў, прызнаны найлепшым гульцом матчу ў беларусаў. Па 2 шайбы ў актыве Алега Антоненкі, Дзяніса Мацюхіна і Сяргея Шыткоўскага. Па адным разе вызначыліся Аляксандр Лукашэнка, Андрэй Міхалёў і Аляксандр Радзінскі.

У камандзе ААЭ шайбы забілі Аляксандр Іваненка, Дзмітрый Башура, Сяргей Пігулеўскі і Алі Сорур, які атрымаў прыз лепшага гульца ў сваёй камандзе.

У гэты ж дзень славакі разграмілі каманду Швейцарыі з лікам 8:2, фіны перамаглі латвійскую каманду з лікам 11:4, а расіяне святкавалі "сухую" перамогу над немцамі — 12:0.

У заключным туры 6 студзеня каманда Беларусі згуляе са швейцарцамі (пачатак а 19-й), славакі будуць сапернічаць з хакеістамі ААЭ (а 14-й). Незалежна ад вынікаў гэтых гульняў беларускія хакеісты забяспечылі сабе першае месца ў групе А і выхад у галоўны фінал.

6 студзеня каманда Фінляндыі сустрэнецца з нямецкімі хакеістамі (пачатак а 16-й), расіяне згуляюць з латвійскай дружынай (а 19-й).