ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусамі ў махлярскія кол-цэнтры — затрымалі 56 чалавек

Ператрус у кол-цэнтры

Ператрус у кол-цэнтры / Следчы камітэт

Сілавікі правялі ператрусы ў кол-цэнтрах, якія прадавалі харчовыя дабаўкі пад выглядам БАДаў. Аперацыю правёў Следчы камітэт пры падтрымцы ГУБАЗіКа.

У Следчым камітэце паведамілі, што ў 2021 годзе замежны грамадзянін запусціў пяць ашуканскіх кол-цэнтраў і інтэрнэт-крамаў. Былі створаныя сайты, на якіх размяшчаліся фэйкавыя водгукі і фальшывыя медыцынскія рэкамендацыі.

"Для надання даверу выкарыстоўвалі дзяржаўныя сімвалы нашай краіны і красамоўныя фармулёўкі "сацыяльная зніжка", "квота Міністэрства аховы здароўя Беларусі", а таксама іншыя недакладныя даныя", — заяўляюць у СК.

У відэа СК паказаны допыт кіраўніка рэгіянальнага кол-цэнтра. Ён кажа, што фірма "пад выглядам лекаў прадавала харчовы канцэнтрат, які прадстаўлялі як лекі для здароўя, але насамрэч ніякай уласцівасці для лячэння, аднаўлення яны не давалі".

Асноўнымі кліентамі фірмы былі пенсіянеры і людзі сталага веку. Кансультанты выкарыстоўвалі метады псіхалагічнага ўздзеяння, з дапамогай якіх падманвалі пакупнікоў і пераконвалі іх у неабходнасці прыёму прадаваных "лекаў". Лячыць прапаноўвалі ўсе хваробы — ад артрыту да паражэння печані. Калі эфекту не было, прапаноўвалі іншыя прэпараты, але ўжо даражэйшыя. Як мяркуе следства, некаторых патэнцыйных спажыўцоў, якія адмаўляліся ад прапановаў, "спецыялісты" даводзілі да нервовага зрыву.

Частку заробку менеджарам выплочвалі афіцыйна, астатняе — у канвертах. Абвесткі пра вакансіі размяшчаліся ў інтэрнэце на папулярным сайце.

Агулам у розных рэгіёнах Беларусі сілавікі затрымалі 56 чалавек, у тым ліку арганізатараў схемы, бухгалтараў, бізнес-трэнераў і менеджараў. Шасці самым актыўным удзельнікам злачыннай схемы выставілі абвінавачванне па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай). Яны ўзятыя пад варту з санкцыі пракурора. Астатніх прызналі падазраванымі.

Дапытаныя больш за сотню ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, прызначаныя экспертныя даследаванні. На маёмасць фігурантаў і падкантрольных ім юрыдычных асоб накладзены арышт — на агульную суму больш за мільён рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.