Гродзенскія католікі адзначаюць 350-годдзе абраза Маці Божай Кангрэгацкай
Святкаванні адбудуцца 2-3 жніўня.
350 гадоў таму абраз Маці Божай Кангрэгацкай, ці Снежнай быў перанесены з гродзенскі катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя.
Місія езуітаў у Гродне была заснавана ў 1622 годзе, а ў 1633 г. яна стала рэзідэнцыяй.
Абраз быў прывезены сюды з Рыма правінцыялам дамініканцаў і падараваны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу (1595–1656). Пасля смерці канцлера абраз дастаўся ксяндзу дамініканіну Куклінскаму, потым — Войцеху Жаляроўскаму, а той у 1664 годзе, ужо будучы цяжка хворым, падараваў яго кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў, таму што ў іх касцёле правілася самае прыгожае набажэнства і ў памяць пра цудоўнае выратаванне з-пад маскоўскай стражы ў Гродзенскім замку (2 жніўня 1661 года).
Акт перадачы, складзены 26 сакавіка 1664 года, быў засведчаны бурмістрам Янушам, гродскім пісарам Аляксандрам Дрогашам і прафесарам рыторыкі Пятром Шванам.
Урачысты перанос абраза з маёнтка Жаляроўскага Кульбакі ў касцёл езуітаў адбыўся 3 жніўня 1664 года.
Абраз, намаляваны на медным лісце памерамі 22х17 см, іконаграфічна з’яўляецца паўторам слыннага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, перапрацаваным у раннебарокавым стылі пры захаванні характэрных прыкметаў пратографа, інфармуе сайт catholic.by