Гамяльчук спускаўся з чацвёртага паверху па прасцінах і разбіўся насмерць
У Гомелі загінуў мужчына, які спускаўся па прасцінах з чацвёртага паверху. Пра трагедыю паведаміла суполка "ЧП Гомель" у сацсетцы "Вконтакте".
У нядзелю, 19 чэрвеня пад вокнамі шматпавярховіка на вуліцы Чапаева знайшлі мужчыну. Каля 14:00 ён па прасцінах спускаўся з акна кватэры на чацвёртым паверсе. Прасціны абарваліся, і мужчына зваліўся на асфальт каля дома.
Адміны суполкі паведамляюць, што сведкі і міліцыянты спрабавалі дапамагчы пацярпеламу да прыбыцця медыкаў. Мужчына прыйшоў у прытомнасць, але пазней памёр у лякарні ад атрыманых траўмаў.
Прычыны такога экстравагантнага спуску пакуль невядомыя. Падпісчыкі суполкі звярнулі ўвагу, што за мужчынам нехта зачыніў акно, пакінуўшы яго адчыненым "на праветрыванне".