Галоўны рэдактар "Эхо Москвы" анансаваў інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай
Аляксей Венядзіктаў / Еўрарадыё
Галоўны рэдактар расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венядзіктаў анансаваў інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Але ўдакладніў, што размова "магчыма" адбудзецца.
"У найбліжэйшы час магчымае інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Падкіньце пытанняў", — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Ён таксама падкрэсліў, што інтэрв'ю будзе арыентавана перш за ўсё на расійскую аўдыторыю.
Адразу пасля выбараў Святлана Ціханоўская і яе прадстаўнікі неаднаразова заяўлялі пра гатоўнасць і жаданне выйсці на кантакт з прадстаўнікамі расійскіх уладаў. Але Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку.
У апошні час у медыяполі дзвюх краін сталі гучаць даволі рэзкія выпады ў адрас уладаў або праўладных структур адно аднаго. У прыватнасці, на расійскім тэлеканале НТВ выйшла праграма, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. Адзін з гасцей ток-шоу юрыст і грамадскі дзеяч Віталь Серуканаў заявіў, што "Лукашэнка зараз спрабуе закідаць нейкімі драўлянымі лапцямі інфармацыйныя тэхналогіі, якія не паддаюцца такім метадам". А на канале RTVi выйшла інтэрв'ю Ціны Кандэлакі з галоўным рэдактарам выдавецкага дома "Комсомольская правда" Уладзімірам Сунгоркіным, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі. Гэтае інтэрв'ю так усхвалявала супрацоўніка беларускага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка, што ва ўласцівай яму непатрабавальнай манеры ён назваў удзельнікаў гутаркі "гэтыя паны" і "медыятвары". А яго калега Яўген Пуставой пайшоў яшчэ далей. Ён разважаў пра стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да пандэміі каранавіруса і сказаў, што беларускі кіраўнік у адрозненне ад іншых не хаваецца ў бункеры і не карыстаецца ботаксам. У расийскіх СМІ палічылі, што гаворка ідзе пра Уладзіміра Пуціна.
Цяпер становіцца вядома, што медыярэсурс, які мае дачыненне да расійскай транснацыянальнай кампаніі "Газпрам" рыхтуе інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай.