ФСБ заявіла пра затрыманне беларуса пры спробе падрыву ў Наварасійску

ФСБ, ілюстрацыйнае фота

ФСБ, ілюстрацыйнае фота / SGr/Shutterstock/FOTODOM

У Наварайсійску (Краснадарскі край Расіі) ФСБ затрымала беларуса па абвінавачанні ў падрыхтоўцы тэракту.

Расійская спецслужба заявіла, што замежны грамадзянін 2000 года нараджэння збіраў інфармацыю пра Чарнаморскі флот і расійскіх вайскоўцаў, а таксама рыхтаваў тэракт у інтарэсах Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Гаворыцца, што па заданні куратара малады чалавек забраў з тайніка самаробнае выбуховае прыстасаванне масай 2,5 кг. Ён меўся ўзарваць адміністрацыйны будынак у Наварасійску.

На відэа хлопец сказаў, што з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Ён заявіў, што пайшоў на супрацу з СБУ ў снежні 2024 года "для лёгкага і хуткага заробку".

Малады чалавек заявіў, што яму загадалі ўзарваць пункт збору вайскоўцаў. "Са слоў майго куратара з СБУ, гэтая акцыя з'яўлялася звяном плана ўкраінскіх спецслужбаў для далейшай эскалацыі канфлікту і зрыву перамоваў паміж Расіяй, ЗША і Украінай", — сказаў ён на відэа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.