Эстонія перасцерагла сваіх грамадзян ад паездак у Беларусь

Эстонія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Міністэрства замежных спраў Эстоніі перасцерагло грамадзян краіны ад паездак у Беларусь. Прычынай называюцца выпадкі апытання і затрымання эстонскіх грамадзян у Беларусі, а таксама складанасці з атрыманнем консульскай дапамогі.
"Было даволі шмат выпадкаў і на мяжы, і ўнутры Беларусі, калі з нашымі грамадзянамі ўступалі ў кантакт, іх апытвалі або затрымлівалі, як і грамадзян іншых краін ЕС. Падчас знаходжання там сітуацыя можа стаць вельмі непрыемнай для нашых грамадзян", — перадае ERR словы супрацоўніцы эстонскага МЗС Ангелы Саар-Рааман.
Паводле яе, пры ўзнікненні праблем у Беларусі можа быць цяжка атрымаць дапамогу эстонскага консула. У Беларусі з 20 траўня 2024 года ў эстонскай дыпмісіі няма амбасадара, як і беларускага дыпламата ў Эстоніі. Таксама Эстонія не мае ў Беларусі консула.
Аднак квіткі на аўтобусы з Таліна ў Мінск па-ранейшаму можна набыць, і выдача гуманітарных віз працягваецца.
Пасля нядаўняга адкрыцця беларуска-польскай мяжы афіцыйная Варшава таксама звярнулася да сваіх грамадзян з заклікам пакінуць Беларусь з прычыны небяспекі. Польскія дыпламаты адзначылі, што пры закрыцці мяжы ці іншых непрадбачаных абставінах эвакуацыя з Беларусі можа аказацца немагчымай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.