ЕС пачаў тэхнічныя перамовы з Беларуссю наконт рэпатрыяцыі мігрантаў
Знешнепалітычная служба Еўрасаюза пачала тэхнічныя перамовы з афіцыйным Мінскам наконт рэпатрыяцыі мігрантаў. У тым ліку перамовы вядуцца з МЗС Беларусі. Пра гэта ў панядзелак паведаміў прадстаўнік знешнепалітчнай службы Пэтэр Стана.
"Мы наладзілі кантакты з Беларуссю, вярхоўны прадстаўнік [ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль] ужо двойчы за апошнія дні праводзіў перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі [Уладзімірам Макеем]. Кансультацыі вядуцца і на іншых узроўнях", — перадае ТАСС словы дыпламата. Акрамя таго, Еўракамісія падтрымлівае кантакты на экспертным узроўні "з Беларуссю і гуманітарнымі арганізацыямі ААН".
Адзіная мэта такіх перамоваў — паспрыяць бяспечнай рэпатрыяцыі людзей, якія апынуліся на мяжы Беларусі і краін ЕС, дадў Стана.
Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай мяжы цягнецца з вясны 2021-га. Асабліва сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастрылася з 8 лістапада, калі на мяжы саралося некалькі тысяч мігрантаў. Перыядычна яны спрабуюць штурмаваць мяжу Польшчы. На апублікаваных відэа бачна, што за імі стаяць узброеныя беларускія сілавікі.