ЕС амаль узгадніў 18-ы пакет санкцый супраць Расіі і Беларусі — Reuters

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота
18-ы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі і Беларусі блізкі да ўзгаднення. Пра гэта інфармагенцтву Reuters паведамілі чатыры крыніцы ў ЕС пасля сустрэчы 13 ліпеня.
Адзначаецца, што ўжо ўзгодненыя ўсе элементы пакета, але адна з краін-чальцоў захоўвае тэхнічныя агаворкі наконт новай цэнавай столі на расійскую нафту.
Крыніцы Reuters на ўмовах ананімнасці паведамілі, што чакаюць завяршэння перамоваў 14 ліпеня, напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў МЗС ЕС у Бруселі, дзе пакет можа быць афіцыйна ўхвалены.
Таксама Reuters піша, што амбасадары ЕС пагадзіліся на ўкараненне дынамічнага цэнавага механізму. У пятніцу Еўракамісія прапанавала плаваючую столь цэнаў на расійскую нафту — на 15% ніжэй за сярэдні рынкавы кошт за апошнія тры месяцы.
"Адна з крыніц паведаміла, што пачатковая цана складзе каля 47 долараў за барэль, зыходзячы з сярэдняга кошту расійскай нафты за апошнія 22 тыдні мінус 15%. Таксама было вырашана пераглядаць кошт кожныя шэсць месяцаў, а не кожныя тры, як прапаноўвалася раней", — паведамляе Reuters.
Славакія, якая раней блакавала прыняцце пакета, дагэтуль чакае ад Еўракамісіі гарантый, бо асцерагаецца паэтапнай адмовы ад паставак расійскага газу.
18-ы пакет санкцый ЕС звязаны з уварваннем Расіі ва Украіну. Санкцыі скіраваныя на даходы Масквы ад энергетыкі, яе банкі і ваенную прамысловасць. Таксама ў гэтым пакеце, як паведамлялася, будзе уведзеная поўная забарона на аперацыі з беларускімі банкаўскімі структурамі, якая раней тычылася толькі Swift.
У каментары сайту "Зеркало" старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ўдакладніў, што дадатковыя санкцыі абмяркоўваліся супраць чатырох банкаўі, якія ўжо траплялі пад абмежаванні з боку ЕС — гэта "Беларусбанк", "Белаграпрамбанк", "Белінвестбанк" і "Банк Дабрабыт".
Таксама ў новым пакеце пад санкцыі трапяць чатыры беларускія кампаніі, якія працуюць у сферы абароны і ваеннай прамысловасці. І ўпершыню пад забарону трапіць імпарт зброі з Беларусі ў ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.