Эксперт: Лукашэнка гандлюецца з Расіяй, бачыць яе складанае становішча
Расійскія СМІ публікуюць каментары расійскіх чыноўнікаў і экспертаў наконт вынікаў учорашняга мінскага саміта.
На паседжанні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Нурсултан Назарбаеў абмяркоўвалі праект дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Беларускі бок спадзяваўся, што ўдасца адмяніць выняткі ў гандлі нафтай. Як вядома, наша краіна на сённяшні дзень вымушаная пералічваць у расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага саюза. Летась Беларусь заплаціла Расіі 3 млрд 300 млн долараў.
Аднак Пуцін не пагадзіўся з беларускай прапановай. Як піша расійская газета "Ведомости", у Маскве баяцца страты 30 млрд долараў, калі кампаніі з Расіі пачнуць экспартаваць нафтапрадукты праз беларускіх партнёраў. Беларусь і Расія паспрабуюць урэгуляваць гэтую спрэчку да канца года.
Адзін з расійскіх чыноўнікаў, які прысутнічаў на мінскіх перамовах і прозвішча якога не называецца, у каментары "Ведомостям" выказаў меркаванне, што найхутчэй Масква прапануе Мінску альтэрнатыўны варыянт падтрымкі. "Калі гаварыць цынічна, то пытанне — у якіх памерах мы гатовыя дадаткова падтрымліваць Беларусь. Форма другасная — іх задаволіць любая форма", — сказаў чыноўнік.
Наталля Валчкова з Расійскай эканамічнай школы лічыць, што з-за гэтай праблемы Аляксандр Лукашэнка наўрад ці адмовіцца ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "Ён гандлюецца, адчуў момант, што Расія ў складаным становішчы — разарваныя адносіны з Захадам — і гатовая пайсці на саступкі", — лічыць эксперт. Паводле меркавання Валчковай, альбо Расія адмовіцца ад беларускай кампенсацыі за нафту, альбо прадаставіць Мінску нейкую кампенсацыю.
Фота — ria.ru