Экс-палітзняволеную, высланую з Польшчы ў Літву, могуць дэпартаваць у Беларусь

Наталля Падлеўска

Наталля Падлеўска / фота з яе архіва

60-гадовай экс-палітзняволеную Наталлю Падлеўску, якую Польшча перадала Літве ў рамках Дублінскага рэгламенту, пагражаюць дэпартаваць у Беларусь. Пра гэта паведаміла ініцыятыва Partyzanka.

"Учора Наталлі Падлеўскай затэлефанавала супрацоўніца літоўскай міграцыі і паведаміла, што Наталля знаходзіцца ў Літве нелегальна і можа быць дэпартаваная ў Беларусь",гаворыцца ў паведамленні ініцыятывы.

Выявілася, што польская памежная служба, высылаючы беларуску ў Літву, не паведаміла, што перадача адбываецца ў рамках Дублінскай працэдуры — гэта значыць, у адпаведнасці з механізмам суіскальнікаў прытулку ў ЕС. "Шок і абсурд сітуацыі сталі зразумелыя толькі пасля доўгіх высвятленняў і азнаямлення з пастановай літоўскага суда", — пішуць прадстаўнікі Partyzanki.

У выніку літоўскі бок не прыняў у Падлеўскай заяву на прытулак і фармальна палічыў яе перабыванне ў краіне незаконным. Таму палітуцякачцы пагражае вяртанне ў Беларусь.

Як паведамлялася раней, у 2021 годзе Падлеўску абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады і прысудзілі да аднаго года пазбаўлення волі. Выйшаўшы на волю, жанчына нелегальна пакінула Беларусь па літоўскай гуманітарнай візе і прыехала ў ЕС праз Літву. Такім чынам, Літва стала не толькі краінай, якая выдала візу, але і краінай першага ўезду ў ЕС. Згодна з Дублінскім пагадненнем, менавіта такая краіна павінна адказваць за разгляд справы аб міжнароднай абароне.

Аднак Падлеўска пераехала ў Польшчу, дзе ў яе жывуць блізкія сваякі, і падала заяву на міжнародную абарону там. Упраўленне па справах замежнікаў пастанавіла выслаць яе назад у Літву і зрабіла гэта, не чакаючы, пакуль пратэст жанчыны разгледзяць у судзе. А на наступны дзень, 24 кастрычніка, суд у Варшаве пастанавіў, што справа павінна разглядацца ў Польшчы.

Тым часам сама беларуска апынулася ў Літве і не мае ні візы, ні ВНЖ, каб вярнуцца ў Польшчу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.