Экс-дырэктар пінскай школы мастацтваў за педафілію асуджаны на 10 гадоў

Абвінавачваны ў педафіліі былы дырэктар адной са школ мастацтваў у Пінску мясцовым судом асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле прысуду, з яго спагналі 270 млн рублёў маральных стратаў на карысць пацярпелых. Абвінавачваны прызнаў сваю віну часткова, інфармуе БелаПАН.

Мужчына быў прызнаны вінаватым па артыкулах КК "учыненне іншых дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да заведама непаўналетніх і малалетніх насуперак волі пацярпелых з ужываннем гвалту" і "учыненне іншых дзеянняў сэксуальнага характару з асобай, якая заведама не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту". У гэтым прысудзе было ўлічана пакаранне, прызначанае абвінавачванаму ў сакавіку 2015-га на падставе артыкула "распусныя дзеянні, учыненыя ў адносінах да асобы, якая заведама не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту". Тады суд асудзіў былога дырэктара школы мастацтваў на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён палічыў, што мужчына ўчыняў злачынныя дзеянні без ужыцця гвалту.

Пінская міжраённая пракурора ўнесла касацыйны пратэст і ў траўні судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда часткова адмяніла прысуд (у сіле пакінулі прызнанне яго вінаватым ва ўчыненні злачынства). У выніку справа была накіраваная на новы разгляд.

Нагадаем, дырэктар установы адукацыі ў 2012-2014 гадах па месцы працы "з мэтай задавальнення сваёй палавой патрэбы неаднаразова ўчыняў гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да чатырох навучэнцаў школы мастацтваў". Яго затрымалі ў верасні мінулага года ў рабочым кабінеце.

Новы прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Фота: Fotolia