Дзяцей гродзенскага экс-палітвязня хочуць паставіць у СНС

Аляксандр Лаўрэнцьеў 

Аляксандр Лаўрэнцьеў  / Hrodna.life

У сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) могуць прызнаць дзяцей былога палітвязня Аляксандра Лаўрэнцьева з Гродна.

20 лістапада ў школе збярэцца камісія, якая разгледзіць гэтае пытанне, паведамляе hrodna.life. На думку Лаўрэнцьева, прычына ў тым, што "іншадумец-бацька пражывае з сям'ёй і можа навучыць дзяцей любіць Радзіму, менавіта Радзіму, а не дзеда з ТБ".

Сам ён у сацсетцы Threads апублікаваў фатаграфіі авіяквіткоў з Масквы ў Стамбул, а адтуль — у Прагу. Ён паведаміў, што вымушаны пакінуць і сям'ю, і Беларусь, бо адчувае павышаную ўвагу з боку органаў апекі "і не толькі". Аднак гродзенец абяцае неўзабаве стварыць умовы для ўз'яднання з роднымі.

Раней Лаўрэнцьеў пісаў, што яго выклікалі на прафілактычную гутарку ў міліцыю — з нагоды "дармаедства". Таксама гродзенец атрымаў, паводле яго словаў, "прымусовае запрашэнне на спецыяльныя курсы пра любоў да Радзімы".

Нядаўна мужчына адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. На волю ён выйшаў 1 лістапада.

У красавіку 2022-га Лаўрэнцьева затрымалі і абвінавацілі па двух палітычных артыкулах — паклёп на Лукашэнку і абраза Лукашэнкі. Яму прысудзілі калонію агульнага рэжыму. На волю ён выйшаў у чэрвені 2025-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.