Дзверы беларускай журналісткі сапсавалі пасля тэксту пра міграцыйны крызіс

Дзверы ў кватэру Таццяны Ашуркевіч / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Невядомыя залілі мантажнай пенай дзверы мінскай кватэры журналісткі Таццяны Ашуркевіч. Акрамя таго на іх напісалі "Вярні пазыку". Пра гэты інцыдэнт Таццяна напісала ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
"На выходных даведалася, што павінна камусьці "вярнуць пазыку": так цяпер выглядаюць дзверы кватэры ў Мінску, дзе я прапісаная і жыла адна. Унутры дзверы былі залітыая клеем, іх было немагчыма адчыніць", — паведаміла журналістка.
Ашуркевіч ужо чатыры гады не жыве ў Беларусі. Яна звяртае ўвагу, што дзверы ёй сапсавалі пасля таго, як у выданні Politico выйшаў яе артыкул пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза.
"Мабыць, выпадкова супала з тым, што пасля тэксту ў Politico пра міграцыйны крызіс фэйкавыя акаўнты пачалі віншаваць мяне з крыміналкамі па "дыскрэдытацыі РБ", "абразе" і "паклёпе" на Лукашэнку і іншай радасцю. А ў тую ж раніцу "заклееных дзвярэй" мяне прыйшлі шукаць з міліцыі", — падзялілася Ашуркевіч падрабязнасцямі здарэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.