Дырэктара мінскай фірмы арыштавалі ў Маскве за экспарт узбраенняў

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

У Маскве арыштавалі і адправілі ў СІЗА грамадзяніна Беларусі, дырэктара мінскай кампаніі "Авіяцыйная мануфактура" Валерыя Зязюліна. Адпаведнае рашэнне прыняў Лефортаўскі раённы суд Масквы, піша "Медыязона".  

Беларуса вінавацяць у незаконным экспарце ўзбраенняў з Расіі (частка 1 артыкула 189 КК РФ). Іншыя падрабязнасці справы невядомыя.

Спярша Зязюліна асудзілі за дробнае хуліганства. 29 траўня яму прысудзілі 13 сутак у Басманным судзе Масквы. Нібыта, напярэдадні суда каля шостай гадзіны вечара беларус мацюкаўся на вуліцы ў цэнтры расійскай сталіцы.

Зязюлін віну не прызнаў. Ён заявіў, што яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ па іншых абставінах. У сілавікоў гэта распаўсюджаная практыка: арыштаваць за дробнае парушэнне, каб падрыхтаваць матэрыялы па больш сур'ёзным абвінавачванні.

Кампанія "Авіяцыйная мануфактура", якой кіруе Зязюлін, займаецца "апрацоўкай металічных вырабаў з выкарыстаннем асноўных тэхналагічных працэсаў машынабудавання". У яго таксама было ІП у Беларусі, дзе ў якасці асноўнага віду дзейнасці было адзначана "Аптовы гандаль іншымі машынамі і абсталяваннем". Гэтая юрасоба ўжо ліквідаваная. У Расіі Зязюлін кіраваў кампаніяй "Скайліфт", якая займалася паветраным транспартам. Яна была ліквідаваная ў 2018 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.